Сёння мы паразмаўляем пра школу, а дакладна пра вершы. Калі дакладней, то пра тыя вершы, адабраныя дзеля таго, каб школьнікі вывучалі іх на памяць. Каб адразу адсекчы каментары: “а што такога? І мы вучылі…”, скажам: „людцы мілыя, вы ня тое вучылі”.
Каб было зразумела, разглядзім на прыкладах. Пачатковая школа, чацвёрты клас, падручнік для вучняў, якія навучаюцца на расейскай мове. Пачатак навучальнага года, прайшла пара заняткаў і што ж прапануюць паважаныя аўтары-складальнікі для першага твора дзеля запамінання? Якуб Колас “Усход сонца”.
На усходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золата над гаем
І над пералескам.
Карацей, тут першае пытанне: а аўтары падручніка спрабавалі вучыць менавіта “Усход сонца” напамяць? І чым ім не дагадзілі іншыя творы Якуба Коласа, што вучылі школьнікі на памяць дваццаць-трыццаць год таму? Тлумачым падрабязней: “Усход сонца” – гэта гімн, гімн сонцу і адпаведна, напісаны ён па правілах напісання гімнаў (хвалебная песьня, славаслоўе, якое аб’ядноўвае тоенасцю ўсхваляемага аб’екта). І правілы чытання гімнаў таксама ёсць, звычайна, гэта выкананне з лісту. Вось для выразнага чытання твор быў бы цуд як добра: і змена інтанацый, і складанавымаўляемыя словы… Згадваецца, як у сацсетках летась узнялі на смех адных беларускіх “зорак”, якія паскардзіліся, што дачка не можа ў чацьвёртым класе за вечар вывучыць “Гімн…”. А вы не смейцеся, даражэнькія, а вучыце…
Рухаемся далей, пяты клас. Першы верш на памяць: “Калі ласка” Пятрусь Броўка.
У любімай мове, роднай, наскай,
Ах, якія словы: “Калі ласка!..”
Як звіняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё ідуць са мною.
Добры верш, што ні страфа – змена інтанацый, незнаёмыя і састарэлыя словы, цяжкае нават пры чытанні з лісту. Вось яго б для выразнага чытання… але ж не, для выразнага чытання йдуць наступныя, больш простыя: “Мова” Яўгеніі Янішчыц.
Чую тваю жаўруковую музыку
Ў скошаных травах мурожных,
Мова! Як сонца маё
беларускае,
Ты свецішся словам кожным.
А таксама верш “Дрымотна ціснуцца кусты…” Анатоля Грачанікава.
Дрымотна ціснуцца кусты
Пад цёплы бок дубровы ціхай.
I ў цішыні за тры вярсты
Чуваць, як п’е ваду ласіха.
Вось чаму не наадварот, а?
Далей, у тым жа пятым класе. Пераднавагодняя мітусня і на памяць Максім Багдановіч “Зімой”.
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег.
Бедны Максім, столькі нядобрых словаў пасля смерці… Як то кажуць, ведаў бы, дык не пісаў… Заўвагі ўсё тыя ж: выдатны верш, прыгожы, але… шмат састарэлых і складаных для вымаўлення слоў, змены інтанацый. Зноў для выразнага чытання самае яно.
Ну і ўрывак “На рэчцы” з “Новай зямлі” Якуба Коласа, які вучылі ўсе мінулыя бацькі, уключаючы і мяне. Зараз ён ідзе… для выразнага чытання. (Ну вось, шчыра кажучы, хоць зараз прачытаць, так запомнілася). Ці змогуць нашыя дзеці прадэкламаваць што-небудзь з вывучанага? Вось-вось.
Таму, паважаныя дарослыя, раз ужо даручылі вам складаць праграму па літаратуры, дзе ёсць і чытанне па памяці, не залянуецеся, праверце яе, калі ласка, на сабе. Калі верш цяжкі для сталых, не трэба спадзявацца, што юным галовам будзе лягчэй, не будзе… А вось цяжэй – будзе.
© Мама дочак