Беларускае тэлебачанне можна апісаць адным словам – залюстроўе. Бо тое, што нам паказваюць па тэлевізары і тое, што адбываецца ў краіне насамрэч ашаламляльна адрозніваецца. Вось што з экрана дзяржаўнага тэлеканала заявіў дэкан факультэта журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў:
«З боку Захаду ў дачыненні да ўсходніх земляў заўсёды існавала такое ўяўленне, што гэта іх патэнцыйныя каланіяльныя ўладанні. І сёння, вядома, ва ўмовах, калі Беларусь нягледзячы на ўсе спробы ператварыць яе ў залежную калёнію, ператварыць яе ў краіну з нізкім узроўнем жыцця, дзе за грошы насельніцтва будзе выконваць кожную чорную працу, гэтага не атрымалася зрабіць».
На думку Бяляева ў Беларусі насельніцтва не будзе выконваць кожную чорную працу, рэспубліка не з’яўляецца залежнай калёніяй, а ўзровень жыцця беларусаў высокі. У рэчаіснасці ўсё інакш, таму глядзім шырэй на гэтыя тэзы.
Штогод у Беларусі скарачаецца насельніцтва. За апошні год яно зменшылася на 54 907 чалавек. У 2021 годзе змяншэнне склала 94,1 тыс. чалавек, а ў 2020-м – 60,6 тыс. чалавек. І гэта толькі афіцыйныя дадзеныя Белстата, якія не ўлічваюць усіх, хто пакінуў краіну за апошнія тры гады. Напрыклад, у горадзе Светлагорск Гомельскай вобласці ў 2001 годзе жыло 73 400 чалавек, а па стане на 2023 – 63 200. Што ж прымушае людзей пакідаць рэгіён?
А што з працай?
У красавіку беларускія прадпрыемствы прынялі на працу 43 963 чалавекі. Пры гэтым колькасць звальненняў склала 61 021. Такім чынам, усяго было звольнена 17 058 чалавек. Для параўнання, у першым квартале колькасць звальненняў перавысіла лік працаўладкаванняў на 11,7 тыс. чалавек. На дадзены момант у цэлым па краіне бракуе 120,6 тыс. працаўнікоў. Гэта вынікае з дадзеных агульнарэспубліканскага банка вакансій. І цяперашні паказнік па ліку вакансій — антырэкордны. А паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі працы ў першым квартале 2023 у Беларусі фактычна беспрацоўнымі былі 176,3 тысяч чалавек. Нагадаем, што афіцыйнае зарэгістраванае беспрацоўе ў Беларусі прыкметна ніжэй за фактычнае. На 1 красавіка на ўліку ў цэнтрах занятасці беспрацоўнымі былі 5,6 тысячы чалавек. То бок фактычна беспрацоўных у 31 раз больш, чым афіцыйных. Сярод прычын, па якіх беларусы не рэгіструюцца ў цэнтрах занятасці, эксперты неаднаразова называлі нізкі памер дапамогі па беспрацоўі. У Мінпрацы таксама неаднаразова анансавалі планы па падвышэнні гэтых выплат, аднак гэта дагэтуль не было зроблена.
А што з зарплатай?
Паводле дадзеных Белстата сярэднія заробкі ў траўні выраслі на 65 рублёў 20 капеек у параўнанні з красавіком і дасягнулі 1861,1 BYN (да выліку падаткаў). Але гэта статыстыка, у рэальнасці мы бачым іншае. Напрыклад, выпускнікам Беларуска-Расейскага ўніверсітэта ў Магілёве прапануюць вакансіі, сярэдні заробак якіх складае 727 рублёў. Аднак, знаходзяцца аклады і менш за гэту суму. Вось прыватнае прадпрыемства «Завод горнага машынабудавання» шукае інжынера-канструктара з сярэднім балам не ніжэй за 7 за 446 рублёў. І гэта да выліку падаткаў, на рукі выдадуць каля 380 рублёў. Вы ўсё яшчэ лічыце, што Беларусь не краіна з нізкім узроўнем жыцця, дзе за грошы насельніцтва будзе выконваць кожную чорную працу? Пакажыце гэта Аляксею Бяляеву.
Вось і «Каскад» шукае механіка за 500 рублёў. І гэта ніжэй за ўзровень мінімальнай заработнай платы (якая складае 554 рублі). А вось ДРБУ №217 Дрыбіна свайму майстру можа прапанаваць нават больш мінімалкі (на цэлых 6 рублёў) зарплату ў 560 рублёў. Мы бачым вакансіі па 600, 700, 750, 800, 850, 900, часам і 1000, нават 1100. Але гэта ўсё адно менш за сярэдні заробак па краіне. Яшчэ адзін свежы прыклад, ветэрынарны фельчар, які як малады спецыяліст працуе ў калгасе, паказаў сваю зарплату. За 24 працоўныя дні па 14 гадзін ён атрымаў на рукі 878 рублёў.
За рысай беднасці жывуць 3,9% беларусаў, пра што паведамляе ўсё той жа Белстат. Калі ўзяць колькасць насельніцтва на пачатак 2023, то за рысай беднасці знаходзяцца каля 360 тыс. чалавек (358 824). У іх сярэднедушавы прыбытак ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму. Цяпер ён складае 352 рублі 13 капеек (а да гэтага быў 339 рублёў 83 капейкі). Самы высокі ровень малазабяспечанасці ў Магілёўскай вобласці — 5,9%, а ніжэй за ўсё — у Менску (1,2%).
У краіне стабільна павялічваюцца кошты на прадукты і розныя паслугі (у тым ліку камунальныя). Сёлета гадавая інфляцыя ў Беларусі (травень-2023 да траўня-2022) склала 3,7%: «Шмат у чым гэта злучана з захаваннем уплыву адміністрацыйнага кантролю за цэнамі», – адзначаюць эксперты. І як бы дэкану факультэта журналістыкі БДУ не хацелася паказаць Беларусь незалежнай, але нават афіцыйная справаздача Нацыянальнага банка паказвае зваротнае. Там паведамляецца, што высокі ўзровень інфляцыі ў Беларусі ў 2022 годзе шмат у чым злучаны са скокам цэн у сакавіку і сітуацыяй у эканоміцы Расеі. Так што Захаду сапраўды не атрымалася ператварыць Беларусь у залежную калёнію, затое Усходу ў выглядзе Расейскай Федэрацыі гэта атрымоўваецца.
«У нас выраслі ўласныя гіганты машынабудавання, якія актыўна канкуруюць на міжнародных рынках з тымі ж заходнімі кампаніямі. Беларусь сёння трымае пятую частку ўсяго сусветнага рынку калію, калійных угнаенняў. Беларусь стварыла гіганты машынабудавання, якія канкуруюць на вонкавых рынках з еўрапейскімі кампаніямі. Наша прадукцыя харчовая, сельскагаспадарчая сёння мае аўтарытэт, валодае найвысокай якасцю і запатрабавана таксама ў шмат якіх дзяржавах. Вядома, канкурэнцыі ніхто не любіць, таму, калі ў цябе на межах узнікае канкурэнт, які карыстаецца да таго ж яшчэ і цэлым шэрагам пераваг. Дзякуючы, напрыклад, нашым дамоўленасцям з Расейскай Федэрацыяй. Таму прэтэнзіі з боку Захаду насамперш скіраваны на тое, каб выцесніць канкурэнтаў са сваіх рынкаў і сусветнага рынку. І для гэтага, на жаль, яны не грэбуюць карыстацца абсалютна неэканамічнымі метадамі», – кажа на дзяржТБ Беляеў.
Што тычыцца прамысловых гігантаў, то тут ёсць з чым паспрачацца. Індэкс прамысловай вытворчасці за красавік 2023 года да красавіка 2022 года склаў 103,8%. Белстату гэта пэўна падабаецца, ёсць чым ганарыцца, аб’ем прамысловай вытворчасці вырас на 3,8%, але вось у параўнанні з сакавіком 2023-га, прамвытворчасць абвалілася адразу на 9,9%. Летась амаль 20% прадпрыемстваў былі нерэнтабельнымі. А ў Віцебскай вобласці ўсе прадпрыемствы і арганізацыі (без уліку суб’ектаў малога прадпрымальніцтва) спрацавалі нават у мінус. Іх страта перавысіла 300 млн рублёў. У Беларусі стабільна пераважае імпарт над экспартам. І такое становішча складаецца па выніках кожнага месяца 2023 года: у студзені адмоўнае сальда было ў памеры $227 млн, у лютым – $203 млн, у сакавіку – $258 млн, а ў красавіку – $333 млн. Гэта прывяло да таго, што за траціну года памер адмоўнага сальда пераадолеў планку ў мільярд даляраў (і склаў $1022,5 млн). Летась за той жа перыяд сальда таксама было мінусавым, але памер гэтага мінуса быў у два з лішнім разы менш: -$495,5 млн.
І чаму дэкан Бяляеў не ўдакладніў, што з каліем не ўсё так гладка. Беларуская калійная прамысловасць трэці год знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. Тры з пяці рудаўпраўленняў Салігорскага “Белкалия” не здабываюць і не адгружаюць соль. З-за чаго прадпрыемства нават звярнулася ў адзін з дзяржбанкаў з просьбай прафінансаваць выплату зарплаты працаўнікам. Што тычыцца такога прамысловага гіганта, як МТЗ, то ў 2022 годзе выраслі пастаўкі на расейскі рынак — у Расейскую Федэрацыю з’ехала каля 20 тысяч трактароў. Аднак, высветляецца, што расейскія сельгасвытворцы набываюць тэхніку МТЗ з істотнай “зніжкай”, пра што расказаў губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў:
«Калі нашы аграрнікі купляюць беларускую тэхніку МТЗ праз супольнае прадпрыемства, то трактар у сярэднім каштуе танней на 1 мільён расейскіх рублёў: танней амаль на траціну. Гэта самая істотная падтрымка праз кааперацыю і рэальная каштоўнасць нашых саюзных адносін для вытворцаў».
На дзяржТБ пакутуюць маральным дальтанізмам, калі нам спрабуюць маляваць альтэрнатыўную Беларусь (дзе ўсё выдатна), а на справе рэальнасць аказваецца іншай, больш сумнай. Дарэчы, нам было б цікава даведацца якая сітуацыя з колькасцю жыхароў і якія рэальныя заробкі ў вашым горадзе? Пішыце нам свае адказы ў тэлеграм-бот. Беларусы, глядзіце шырэй, не паддавайцеся малюначкам і словам чыноўнікаў. Тады ўсе стане на свае месцы.