«Галоўнае спартовае свята года», «парад краін-удзельніц», «у змаганне за медалі ўступілі наймоцныя грацыі свету» – такія гучныя словы гучаць з вуснаў праўладных СМІ. І гэта не пра Алімпійскія гульні. Ну што такое Алімпіяда, калі ёсць II Гульні краін СНД. Але называюць гэту імпрэзу галоўным спартовым святам года хіба што ідэолагі і прапагандысты. Так што ж было насамрэч?
«Вот и начался долгожданный, главный спортивный праздник года! 10 беларуских городов принимают II Игры стран СНГ. Уже прошли первые соревнования – в борьбу за медали вступили сильнейшие грации мира. Очень насыщенный день у любителей спорта состоится завтра. Будут разыграны первые награды. А вечером – официальный старт Игр – торжественная церемония открытия на «Минск-Арене». Наши корреспонденты работают на всех площадках, во всех городах».
Для таго, каб разумець маштаб гэтых гульняў СНД, трэба параўнаць іх з Алімпійскімі гульнямі. Найбуйныя міжнародныя спартовыя спаборніцтвы праходзяць раз у чатыры гады пад эгідай Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). МАК афіцыйна запрасіў 203 краіны прыняць удзел у Алімпіядзе-2024 у Парыжы. Беларусь жа выключылі з гэтага спісу – яе спартоўцы змогуць браць удзел у нейтральным статусе. І па тэлевізары не раскажуць чаму гэта адбылося.
А колькі краін прымае ўдзел у Другіх Гульнях СНД?
«Главной частью церемонии открытия по традиции станет парад стран-участниц. Их будет 22. Удивляться количеству не стоит – игры объединили не только страны СНГ, а друзей даже с других континентов».
Цяпер глядзім шырэй. Колькасць краін-удзельніц гульняў СНД – 22. З іх – толькі 9 у складзе Садружнасці. То бок менш за палову. Але беларусам дзяржсмі гэта падаюць як вялікае дасягненне. А мы нагадваем, что ў будучых Алімпійскіх гульнях прымуць удзел 203 краіны. Гэта амаль у 10 разоў больш, чым прадстаўлена на «галоўным спартовым свяце».
«Паспяховае, проста трыумфальнае правядзенне II Гульняў краін СНД сведчыць пра тое, што не можа ісці гаворкі пра нейкую міжнародную ізаляцыю нашай краіны. Гульні — значны ўнёсак у міжнародны спартовы рух, у тым ліку ў пазіцыянаванне нашый краіны на міжнароднай арэне», – лічыць прадстаўнік Савета Рэспублікі Сяргей Рачкоў.
Мабыць, спадар Рачкоў чытае толькі дзяржаўную прэсу, бо ў вядомых сусветных выданнях было роўна 0 згадак пра гэтыя спартовыя спаборніцтвы. Вось дадзеныя з трэндаў пошукавай сістэмы Google, дзе паказнік цікавасці да дадзенай імпрэзы гэтак нізкі, што пошукавік не можа адлюстраваць папулярнасць запыту ў пэўных лічбах. Дзеля справядлівасці ў некаторых замежных СМІ сапраўды напісалі пра другія гульні краін СНД. Толькі гэта былі СМІ краін удзельніц: Ірана, Туркменістана, Азербайджана і г. д. Але Сяргей Рачкоў, кажучы пра тое, што гульні – значны ўнёсак у міжнародны спартовы рух і пазіцыянаванне, хітруе. Як мы ўжо згадвалі, колькасць краін удзельніц гульняў СНД – 22, а ў будучых алімпійскіх гульнях 203 краіны. І тады наколькі гэты ўнёсак з’яўляецца значным?
Яшчэ трохі пра значнасць дадзеных гульняў. Журналісты прааналізавалі дадзеныя сайта дзяржзакупу і высветлілі колькі было выдаткавана сродкаў на арганізацыю спаборніцтваў з абласнога бюджэту Гомельскай вобласці. Дэталізацыя выдаткаў паказвае, што эканомія была на ўсім. Агульная сума сродкаў, выдаткаваных з Гомельскага абласнога бюджэту на прыём удзельнікаў спаборніцтваў, склала толькі 201,3 тысяч рублёў (56,3 тысяч еўра). У Гомельскай вобласці праводзіліся спаборніцтвы па 2 відах спорту з 20. Вядома ж, агульная сума сродкаў вылучаных на арганізацыю II гульняў краін СНД у Беларусі шматкроць больш. Аднак яна не ідзе ні ў якое параўнанне з сумай у 162 млн рублёў, якія былі выдаткаваны на арганізацыю II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.
Другія гульні краін СНД прайшлі ў адзінаццаці беларускіх гарадах, але мяркуючы па незапоўненых трыбунах, для гледачоў дадзеная імпрэза наўрад ці з’яўляецца галоўным спартовым святам года. У цэлым спартовыя гульні гэта выдатны спосаб прыцягнуць увагу людзей да спорту. Апроч таго, такія спаборніцтвы дапамагаюць развіццю турызму. Але што ўбачаць турысты, калі фан-зоны Другіх гульняў СНД ніяк не перадаюць спартовага духу дзяржавы, а збіраць гледачоў даводзіцца прымусам.
Беларусы, глядзіце шырэй, не паддавайцеся малюначкам і словам ідэолагаў. І тады ўбачыце рэчаіснасць такой, якой яна ёсць насамрэч.